ЗВАРОТ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ АКРЭСЬЦІНА ДА ЭЎРАПЕЙСКІХ КРАІН І ЗША
Зварот да прэзыдэнтаў
і ўрадаў эўрапейскіх
краінаў, ЗША і Украіны
Сябры!
Мы, палітзьняволеныя актывісты дэмакратычнага руху Беларусі, знаходзячыся за выказваньне сваёй думкі ў спецпрымальніку-разьмеркавальніку, маем магчымасьць слухаць навіны дзяржрадаё, якое ня першы дзень паведамляе нам пра пікеты БРСМу каля амбасадаў Эўрапейскіх краінаў і ЗША зь патрабаваньнем " няўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі." Робіцца гэта быццам бы генацыд беларускага народу, гэта ўнутраная справа іхняга куміра і ідала па імені "бацька".
У сувязі зь гэтым мы жадаем заявіць, што пазыцыя жменькі асьлепленых прыслужнікаў рэжыму Лукашэнкі ёсьць пазыцыяй меншасьці беларускага грамадзтва.
Гэта пазыцыя людзей запуджаных і падманутых дзяржаўнай ідэалёгіяй, якая базуецца на ўзнаўленьні старых лёзунгаў "халодная вайна".
Мы прадстаўнікі беларускае моладзі, каторая нягледзячы на фашыстоўскія рэпрэсыі, здолела арганізаваць хвалю акцыяў па непрызнаньні беларускіх псэўдавыбараў заяўляем:
"Міжнародная падтрымка актывістаў дэмакратычнага руху, гэта адзінае, што можа гарантаваць нам жыцьцё, права на ўласную пазыцыю і надзею на вызваленьне Бацькаўшчыны. Бо мы перакананыя, каб не міжнародны ціск, які дэмакратычныя краіны зьдзяйсьняюць на апошняга дыктатара Эўропы Лукашэнку, то ён бы ўжо даўно пераўтварыў Беларусь у адзін вялікі канцлягер, зьнішчаючы любое іншадумства без суда і сьледства.
Таму мы заклікаем прэзыдэнтаў і ўрады ўсіх дэмакратычных краінаў сьвету працягваць адстойваць прынцыповую пазыцыю па непрызнаньні самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі. У выпадку прынцыповага і непахіснага рашэньня дэмакратычных краінаў сьвету абараняць дэмакратычныя каштоўнасьці, лічым вельмі патрэбным і неабходным не праводзіць палітыку двайных стандартаў і задумацца над уваходжаньнем у "8" Расеі, адзінае краіны зь "вялікага сьвету", што мэтанакіравана падтрымілівае вынішчэньне іншадумства ў Беларусі і бясчынства ў краіне свайго стаўленіка - Лукашэнкі".
Заклікаем Вас таксама, увесьці ўсе магчымыя палітычныя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў прэзыдэнцкае вэртыкалі. У цяперашняй беспрацоўнай беларускай сытуацыі, толькі безкампрамісная пазыцыя дэмакратычных краінаў у барацьбе зь апошняю краінаю зла і тыраніі ў цэнтры Эўропы, можа абараніць нас ад далейшага генацыду беларускага народу на сваёй зямлі.
Адзін зь тысячаў незаконна-
затрыманых і асуджаных
актывістаў дэмакратычнага
руху падчас прэзыдэнцкае
кампаніі 2006 году,
сустаршыня Маладога Фронту
Зьміцер Дашкевіч.
[3 красавіка 2006]
Прэс-служба Маладога фронту
|