Малады Фронт гэта
ФОТА
АРХІЎ
ГУМАР
"Нацыянальная ідэя - фэнамэналёгія Беларусі"
Онлайн-канфэрэнцыя з Паўлам Севярынцам
ВЫДАНЬНІ МАЛАДОГА ФРОНТУ

Лічыльнікі

Каталог TUT.BY
Rating All.BY

На галоўную
ШАНОЎНЫ СУДЗЬДЗЯ, СПАДАР ПРАКУРОР! ШАНОЎНЫЯ АБАРОНЦЫ, ШАНОЎНЫЯ ПРЫСЯЖНЫЯ!


На пачатку я хацеў бы яшчэ раз пацьвердзіць сваю прынцыповую пазыцыю: у гэтым паседжанні я ўдзельнічаю выключна дзеля таго, каб гэтая справа магла быць перагледжаная пры новым, дэмакратычным ладзе, калі ў нас зьявіцца сапраўды незалежны і справядлівы суд. Дзеля гэтага я лічу патрэбным дакумэнтаваць усе акалічнасьці гэтага працэсу.

Што да сутнасьці справы, дык судовае разьбіральніцтва чарговы раз пераканала мяне: ніякага крыміналу ў дзеяньнях людзей, якія 18-19 кастрычніка сабраліся ў цэнтры Менску, каб выказаць пратэст супраць т. зв. "выбараў" і рэферэндуму, НЕ БЫЛО. Т. ч. мы маем справу зь відавочнай палітычнай замовай, выкліканай набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. і боязьзю ўлады перад падзеямі кшталту ўкраінскай, сэрбскай або грузінскай аксамітнай рэвалюцыямі.

Калі ў судзе разглядаюць любую справу, дык у першую чаргу стараюцца высьветліць адказ на пытаньне, чаму так здарылася. Матывы. Прычыны. Чаму тысячы абураных людзей 18-19 кастрычніка выйшлі на Кастрычніцкую плошчу? Дзіўна, але суд пазьбягаў адказу на гэтае ключавое пытаньне, як агню. Пракурор адразу заяўляў пратэсты, а судзьдзя адхіляў пытаньні , якія б удакладнялі прычыны выхаду людзей на вуліцу і іхніх далейшых дзеяньняў. Бо разумелі, што адказы на гэтыя пытаньні выкрылі б злачыннасьць улады.

Хачу яшчэ раз заявіць: 18-19 кастрычніка на плошчу выйшлі грамадзяне Беларусі, абураныя масавымі парушэньнямі закону і фальсыфікацыямі, зафіксаванымі ў час т. зв. выбарчай кампаніі і рэфэрэндуму. Менавіта як сьведка й удзельнік гэтае кампаніі на вуліцы быў і я сам. Ва ўсім сьвеце вядома, зь якім грубейшым ламаньнем права адбывалася ў Беларусі галасаваньне 17 кастрычніка. Гэта засьведчыла Вэнэцыянская камісія Савету Эўропы. Гэта засьведчыла рэзалюцыя АБСЭ. Паводле сацыялагічных апытаньняў, большасьць беларусаў дагэтуль ня вераць у афіцыйна абвешчаныя вынікі. Людзі не прымаюць хлусьні. Людзі хацелі і хочуць ведаць праўду!

Артыкул, паводле якога нас зь Мікалаем Статкевічам судзяць, гучыць так: "арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх". Дык што, 18-19 кастрычніка 2004 г. на плошчы сабралася некалькі тысячаў хуліганаў, дэбашыраў і іншых асацыяльных элемэнтаў? Давайце праверым: у матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць характарыстыкі, дадзеныя дзесяткам затрыманых удзельнікаў (затрыманых - значыць, па ідэі, асабліва актыўных). Характарыстыкі складаліся ўчастковымі, намесьнікам старшыні райадзьдзелу па месцы жыхарства. Міліцыяй! Чытаем. Абсалютная большасьць - цудоўныя характарыстыкі. Прыстойныя, інтэлігентныя, добрыя, зычлівыя людзі, у добрых адносінах з суседзямі, не судзімыя, непітушчыя, не заўважаныя ані ў скандалах, ані ў дэбошах...

Я бачыў, як выхавана, стрымана і прыстойна гэтыя людзі паводзілі сябе на вуліцы, нягледзячы на свае абурэньні і правакацыі ўладаў. І я сьцвярджаю: 18-19 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы была эліта беларускай нацыі. Гэтыя людзі не пабаяліся разьвітацца з хатнім камфортам, не пабаяліся рэпрэсіяў, таму што не могуць трываць таго, чаго трываць не павінны і справядлівы суд. Людзей вяло тое, што вядзе справядлівы суд: жаданьне ведаць праўду. Мне ня сорамна за тое, што я быў сярод гэтых людзей і што рабіў у гэты дзень. Спадар пракурор у сваім выступе казаў пра маё "частковае прызнаньне віны". Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Заяўляю яшчэ раз: я не прызнаю абвінавачваньня, прад'яўленага мне, у поўным аб'ёме. Хто парушыў закон 18-19 кастрычніка, дык гэта ўлады.

Пачнем з паводзінаў міліцыі.
Замест таго, каб дапамагчы людзям вырашыць іх праблемы, забясьпечыць ахову, скантактаваць сабраных на плошчы з прадстаўнікамі ўлады, вызначыць лідэраў і ўступіць зі імі ў перамовы аб парадку далейшых дзеяньняў, супрацоўнікі міліцыі або бязьдзейнічалі, або правакавалі людзей. Так, 18 кастрычніка на самой плошчы ніводзін прадстаўнік улады не падышоў пацікавіцца, што адбываецца, не прапанаваў дапамагчы, не забясьпечыў праходу людзей. Тысячы абураных людзей у самы ажыўлены час, у самым шматлюдным месцы сталіцы Беларусі - а міліцыя стаіць па дварох К. Маркса, ў аўтобусах, з адной мэтай - каб, калі што, адстаяць прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю. Улада фактычна сказала людзям: ваша думка нікога не цікавіць! Але беларусы - ня быдла. Яны патрабуюць адказу, патрабуюць праўды - і натуральна, што яны пайшлі праз праспэкт да рэзыдэнцыі. І я пайшоў разам зь імі, каб задаць пытаньне таму, хто трымае ў сваіх рукох усю ўладу ў краіне і нясе адказнасьць за ўсё, што творыцца ў Беларусі.

Што ў гэты момант робяць супрацоўнікі ДАІ? Згодна з паказаньнямі сьведкаў, перамаўляюцца па рацыі, замест таго, каб рэгуляваць рух транспарту. Затым, у той самы момант, калі людзі падышлі да тэатру Я. Купалы, міліцэйскае начальства выстройвае адзіны ланцужок зь некалькіх супрацоўнікаў патрульна-паставое службы перад шматтысячным рухам людзей. Не зьвяртаюцца да грамадзянаў, да лідэраў, каб прапанаваць сваю дапамогу ў перадачы пэтыцыі ў адміністрацыю, не ўступаюць у перамовы, а падстаўляюць ланцужок насустрач вялікаму руху людзей. Навошта? Каб справакаваць сутыкненьне? Было дастаткова аднаго закліку: "даві", "ламі", "прарывай", і міліцыянты былі б проста затаптаныя. Але, яшчэ раз паўтаруся, да гонару тых тысячаў людзей, што ішлі да рэзыдэнцыі, ніводны такога закліку ня кінуў. Бо нам не патрэбна кіргіская рэвалюцыя, нам патрэбны ўкраінскі варыянт, без крыві, без гвалту. І людзі гэта разумеюць. Людзей білі, затрымлівалі, кідалі на асфальт - але яны проста разьвярнуліся і пайшлі ў іншы бок.

У гэты момант затрымалі і мяне зь некалькімі ўдзельнікамі, каб празь дзесяць хвілінаў выпусьціць. Чаму? Бо быў загад "сёньня не затрымліваць". Удумайцеся! Калі парушаны закон, затрымлівайце - і ў суд. Калі не - адпускайце і ніякіх судоў. Не! 18 кастрычніка ў Менску шмат міжнародных прадстаўнікоў і журналістаў. 18-га - дзень дэмакратыі. 18-га стараемся захоўваць закон. А ўжо 19-га, калі міжнародныя прадстаўнікі зьехалі, мы зноў жывем у той краіне, дзе жылі апошнія 10 гадоў. Двайныя стандарты - здаецца, так гэта называюць на БТ?

У тыя 10-15 хвілінаў, якія я быў затрыманы, людзі выходзяць на праезную частку праспэкта. Але ў абвінаваўчым заключэньні гучыць ізноў "Севярынец павёў за сабою народ на праспэкт". Фальсыфікацыя! Не ўзялі нават клопату узгадніць зь відэаздымкай.

Далей. Мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Чаму б сп. Навумаву, сп. Ярмошынай, сп. Лукашэнку ня выйсьці не патлумачыць сваю пазыцыю 5 тысячам грамадзянаў? Паўсюль журналісты, міжнародныя прадстаўнікі. Улада баіцца, бо праўда ёй не патрэбна , а міліцыя зноўку адсутнічае - трэба ж паказаць міжнароднай супольнасьці, што ў нас не паліцэйская дзяржава.

Нарэшце, людзі ідуць да КДБ. І вось цуда - дзень дэмакратыі працягваецца - да маніфестантаў выходзіць кіраўнік КДБ Л. Ерын! Слухайце, можа я што небудзь блытаю? - да групы хуліганаў, якая груба парушае грамадскі парадак, выходзіць шэф КДБ і запрашае асабліва буйных да сябе ў габінэт папіць гарбаты і адказаць на пытаньні?!..

Ужо а дзесятай вечара, калі купка моладзі засталася стаяць на Кастрычніцкай плошчы, я сам падыходзіў да 30-50 супрацоўнікаў у цывільным, якія казалі, што загаду браць не было.Дзень дэмакратыі, бачыце, яшчэ ня скончыўся. Закон, не закон, а загаду браць не было!

Але вось ужо назаўтра, 19 кастрычніка, міліцыя загад атрымала. З самага пачатку збору людзей на Кастрычніцкай плошчы гучыць папярэджаньне разходзіцца, час на разыходжаньне 10 хвілінаў, інакш будзе прыменена фізычная сіла. Гэта хіба законныя патрабаваньні міліцыі? Не, незаконныя, бо паводле Канстытуцыі грамадзяне Беларусі маюць права на свабоду сходаў, выражэньня сваёй думкі.

Людзі ідуць па ходніках. Перад прыступкамі падземнага пераходу гучыць папярэджаньне: акуратней, акуратней... Ад міліцыі? Не. Ад тых людзей, каго зараз судзяць за парушэньне грамадскага парадку. Пры зборы людзей гучыць прамова: ніводнага шкла не павінна разьбіцца, ні кроплі крыві не пральецца, нашы перамены будуць аксамітнымі. Хто гэта кажа? Прадстаўнікі ўлады? Міліцыі? КДБ? Не, тыя людзі, каму спадар пракурор патрабуе даць 3 гады хіміі па крымінальным артыкуле за хуліганства! Паўтараю, мне самому даводзілася ў пэўныя моманты браць на сябе абавязкі міліцыі.

19 кастрычніка людзі зьбіраюцца перайсьці з аднаго ходніка на няцотным баку праспэкту на другі бок. Прыпыняюцца, чакаючы зялёнага сьвятла на пераходзе. І што робяць два аўтобусы з АМАПАМ, якія рухаюцца ўздоўж калёны? Прыпаркоўваюцца на самай "зебры". перакрываючы пешаходны пераход. Тыповая правакацыя. Вось чаму, як сказаў пракурор, людзі пераходзілі часткова на пераход, часткова па-за ім. Дарэчы, як паказала яшчэ адна сьведка, сп.Панкевіч, 18 кастрычніка той жа аўтобус з АМАПАМ 10 хвілінаў не даваў ёй праехаць па вуліцы К. Маркса. А вось на відэастужцы і коратка стрыжаныя, з тыповай выпраўкай, у скураных куртках з бутэлькамі піва ў рукох лезуць у тэлекамэры. Правакатары, якіх дэманстранты спрабавалі прыбраць зь пярэдніх шэрагаў і якія потым спакойна адыдуць за кардон міліцыянтаў.

І вось - затрыманьне. Мірныя людзі, якія скандавалі палітычныя патрабаваньні, спыняюцца за 15 мэтраў ад амапаўскіх шэрагаў. Дзень дэмакратыі скончыўся, гучыць загад - і вось рвуць падлеткаў, жанчын, цягнуць па асфальце, закідваюць у аўтобус... А потым - даганяюць аднаго зь лідэраў апазыцыі, А. Лябедзьку, і жорстка зьбіваюць яго на вачох у ягоных сябраў, трымаючы шкляныя дзьверы рэстарацыі. Зноў тыповая правакацыя.

А потым затрыманыя ўдзельнікі атрымліваюць па 10-15 сутак, якія адбываюць у прыніжальных умовах у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку для бамжоў і алькаголікаў на Акрэсьціна. Спадарства, а куды вы дзенеце 10 сутак Статкевіча! 15 маіх сутак. Гэта што, разьмінка перад некалькімі гадамі хіміі? Двойчы за адно і тое ж? Гэта закон?

А што, законна было адмяняць прыпынак "плошча Кастрачніцкая" 18-19-га? Колькі тысячаў людзей пацярпелі з-за таго, што нейкі баец нябачнага фронту, баючыся вялікага збору людзей, адмяніў для ўсяго транспарту гэты прыпынак?

А што, законна штодня для праезду прэзыдэнцкага картэжу перакрываць праспэкты Машэрава або Скарыны? Хто-небудзь калі-небудзь быў прыцягнуты да адказнасьці за аўтамабільныя коркі?

А што, законна кожны вечар па БТ хлусіць пра адмарозкаў, студэнтаў-недавучак, п'яных дэманстрантаў?

Законна сядзяць Марыніч, Лявонаў, Васільеў, Клімаў? Статкевіч?

Законна выключаць з унівэрсітэтаў, і нават школаў удзельнікаў такіх акцыяў - так што 11 маладых людзей галадаюць па ўсёй Беларусі?

Законна, што людзі да гэтага часу не атрымалі адказу на свае пытаньне: што ж адбылося 17 кастрычніка 2004 г.

Т. ч. яшчэ раз прааналізуем:
-Грубае парушэньне грамадскага парадку?
НЯМА!

-Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі?
мяне асабіста не папярэджвалі
законных патрабаваньняў не было

-Перашкода працы транспарту?

Сьведка Суліма, начальнік аналітычнага адзьдзелу службы арганізацыі руху ТКУП "Мінтранс", паказала, цытую: "18, 19, 20 кастрычніка 2004 г. затрымак руху ў пэрыяд з 18.00 да 19.30, якія зрываюць рух па маршруце і прыводзяць да страты транспартнай працы не было".

-Перашкода працы крамаў? Пракурор адмовіўся ад гэтай часткі абвінавачваньня.

-Несанкцыянаванае шэсьце? 15 сутак за гэта ўжо было.

-Што ж тады? Пераход разам з усімі праспэкту Скарыны? 120 артыкул АК, 0,5 мінімалкі.

Тады чаму пракурор патрабуе 3 гады хіміі (2 паводле амністыі)? Бо ў 2006 годзе выбары і трэба пазбавіць мяне і Статкевіча магчымасьці ўдзельнічаць у іх.

Справа палітычная, і гэтую справу будуць вывучаць, як у свой час вывучалі справы Дзімітрава, Дрэйфуса або Прытыцкага, і будуць сьмяяцца над юрыстам І класа Пазьняком і казаць: "Хоць бы прозьвішча ня ганьбіў!"

Ужо некалькі разоў я казаў, што ня мог прымаць удзелу ў арганізацыі збору людзей, паколькі да18 кастрычніка быў у Віцебску. Але зараз з усёй адказнасьцю магу заявіць, што ведаю, хто арганізаваў 18-19 кастрычніка. Іх арганізаваў той, хто вынайшаў гэты рэфэрэндум 17 кастрычніка. Іх арганізаваў той, хто ажыцьцяўляў фальсыфікацыі. Іх арганізаваў той, хто даў лічбы, пасьля абвяшчэньня якіх уся краіна скаланулася ад хлусьні.

Але хлусьня ня вечная. Праўда пераможа, бо ёсьць на сьвеце Бог і Ён усё бачыць. Справядлівасьць і закон у Беларусі будуць адноўленыя. Без крыві. Без хлусьні. Бяз гвалту. А сёньня я магу толькі згадаць словы з Эвангельля: "Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць" (Мацьвея 7:2)

Павал Севярынец, суд цэнтральнага раёну