На пытаньні нашага карэспандэнта адказвае Ігар Гузь – дэпутат Валынскай абласной Рады, старшыня ўсеукраінскай моладзевай арганізацыі Нацыянальны Альянс, 14 сябраў якой за ўдзел у розных акцыях беларускай апазыцыі былі дэпартаваны з Беларусі з забаронай далейшага ўезду ў краіну на пяць гадоў. Нагадаем, што Нацыянальны Альянс зьяўляецца стратэгічным партнэрам Маладога Фронту ва Ўкраіне.
Спадар Ігар, чаму Ваша арганізацыя галоўным прыярытэтам міжнароднага накірунку абрала спрыяньне дэмакратызацыі Беларусі?
Таму што Беларусь – адзіная суседка Украіны, у якой адсутнічаюць дэмакратычныя ўмовы і прынцыпы, дзе пануе дыктатура, адбываецца этнацыд нацыі, а таксама, што важна для нас, знішчэньне украінскай дыяспары. Мы не хочам адным цудоўным ранкам прачнуцца і даведацца, што мяжуем не з дэмакратычным суседам, а з імперскай Расеяй, што ёсьць цалкам магчымым у выпадку далейшага існаваньня дыктатуры Лукашэнкі. Дапамагаючы беларусам, мы дапамагаем і сабе, і ўсёй Эўропе, бо эўрапейцы таксама згодны з нашым бачаньнем сытуацыі ў Беларусі.
Як вядома, Вы асабіста ўдзельнічалі ў леташнім Чарнобыльскім Шляху, за што атрымалі дзесяць сутак арышту, падчас якога трымалі галадоўку, і пяцігадовую дэпартацыю з краіны. Што найбольш запомнілася Вам з той акцыі?
Перш за ўсё, гэта стасункі з беларускай моладзьдзю, якія паказалі, што мы шмат у чым падобныя, маем агульныя карані й агульнае бачаньне развіцьця нашых дзяржаў. Безумоўна, уразіла з аднаго боку моцная, з іншага – страшная машына дыктатарскай краіны, якая на сваім шляху не спыніцца ні перад чым . Гэта добра адчулі мы седзячы за кратамі.
Што вы можаце адказаць, наконт таго, што беларускія ўлады лічаць дзейнасьць Нацыянальнага Альянсу ўмяшальніцтвам ва ўнутранія справы Рэспублікі Беларусь?
Бяз вольнай Беларусі ня будзе вольнай Украіны!. Падчас "Падчас памаранчавай рэвалюцыі на ўкраінскім Майдане стаялі не толькі ўкраіцы, але і беларусы, грузіны, палякі. Цяпер наш абавязак – паказаць салідарнасьць з беларускімі дэмакратамі. Але мы ўпэўнены, што ніхто акрамя саміх беларусаў, ня зробіць пераменаў у краіне." Таму ўсе размовы пра ўмяшальніцтва ў справы суседняй краіны – беспадстаўныя.
Вашыя прагнозы далейшага развіцьця падзей у Беларусі?
Вельмі шмат ў беларускай палітыцы залежаць ад сітуацыі ў Расеі: з дэмакратычнымі зьменамі там дэмакратычныя змены ў Беларусі больш імаверныя. Важна таксама рэальнае аб’яднаньне дэмакратычных сілаў, а таксама прынцыповая пазыцыя міжнароднай супольнасьці - у такіх умовах перамены ў Беларусі адбудуцца бліжэйшым часам. Апошнія падзеі пацвердзілі гэта. Грамадзтва стамілася проста чакаць свабоды і гатовы да канкрэтных дзеяньняў.
Якія захады, на вашу думку, зараз павінны рабіць дэмакратычныя сілы?
Мне здаецца вельмі важным падняцьце не толькі пытаньня дэмакратызацыі Беларусі, але і сацыяльных праблемаў грамадзян, без бачаньня якіх немагчыма павесьці людзей за сабою. Перш за ўсё дэмакратычныя сілы павінны кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі і супастаўляць ўсе прапановы Захаду найперш з гэтымі інтарэсамі.
Якім павінна быць стаўленьне ўкраінскага ўраду да сёньняшняй Беларусі?
Мая думка ў гэтым пытаньні радыкальная. Украінская ўлада павінна адкрыта падтрымліваць пазыцыю ЕС: забараніць ўезду ва Украіну чыноўнікаў, якія скампраментавалі сябе прыдушваньнем дэмакратыі ў Беларусі, уключаючы перш за ўсё Лукашэнку. Патрэбен таксама эканамічны ціск на беларускую ўладу.
Далейшы плян працы “Нацыянальнага Альянса” па беларускім пытаньні?
Бліжэйшым часам – адкрыцьцё цэнтру, асноўнымі задачамі працы якога будуць стварэньне каналаў аб’ектыўнай інфармацыі пра грамадзка-палітычную, эканамічную і гаспадарчую сытуацыю ў Беларусі для шырокай грамадзкасьці эўрапейскіх краінаў, абмен досьведам з грамадзкімі актывістамі Беларусі і навучаньне іх ў межах цэнтру, развіцьцё партнёрскіх стасункаў з ворганамі ўлады і палітычнымі сіламі краін-сябраў Цэнтру для сумеснага пошуку шляхоў дапамогі дэмакратычным сілам Беларусі. Ужо сёньня рыхтуецца правядзеньне беларуска-польска-украінскай канферэнцыі для абмеркаваньня шляхоў супрацоўніцтва моладзі гэтых краінаў, правядзеньне летняга беларуска-украінскага табару, арганізацыя сустрэч лідэраў беларускай апазыцыі з украінскай грамадзкасьцю.
[23 траўня 2006]
Прэс-служба Маладога Фронту