Малады Фронт гэта
ФОТА
АРХІЎ
ГУМАР
"Нацыянальная ідэя - фэнамэналёгія Беларусі"
Онлайн-канфэрэнцыя з Паўлам Севярынцам
ВЫДАНЬНІ МАЛАДОГА ФРОНТУ

Лічыльнікі

Каталог TUT.BY
Rating All.BY

Сябры
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя
ГАЗЭТА
Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
РЫДЫЁ СВАБОДА
Беларуская Салідарнасьць
НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС
Зянон Пазьняк
Усе спасылкі


Наш банэр
Малады Фронт - Нацыянальная ідэя, Хрысьціянскія прынцыпы
ЧЭРВЕНЬ 2005
МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ ПРЫМЕ ЎДЗЕЛ У КАМПАНІІ 2006-2007г.

У Менску прайшло чарговае паседжаньне перадвыбарчага блёку “Маладая Беларусь” -маладых кандыдатаў на выбары ў ППНС РБ 2004 году. У той кампаніі 11 сябраў “Маладой Беларусі” сабралі больш як 20 000 подпісаў у сваю падтрымку.

Сёньня ў склад “Маладой Беларусі” ўваходзяць дэпутат мастоўскага райсавету - Зарэмбюк Алесь, навуковец - Лукашоў Кастусь, лідэры Хрысьціянскае Дэмакратыі - Арцюхоў Мікола, Севярынец Павал, Шэін Аляксей, сустаршыні Маладога Фронту - Бахун Сяржук і Дашкевіч Зьміцер, моладзевыя лідэры - Красоўскі Павал, Лісічонак Сяржук, Дзенісевіч Андрусь, Фінькевіч Артур.

Сябры “Маладой Беларусі” прынялі рашэньне актыўна ўдзельнічаць у кампаніі дэмакратычных сілаў у 2006 годзе і выбарах адзінага кандыдата (“МБ” на кангрэсе дэмакратычных сілаў будзе пардстаўлена адзінаццацю дэлегатамі). Разам з тым Маладая Беларусь заявіла аб падрыхтоўцы камандаў кандыдатаў на мясцовыя выбары 2007 году.

Новым каардынатарам “Маладой Беларусі” абраны 23-х гадовы моладзевы лідэр - Дашкевіч Зьміцер.

[29 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладой Беларусі
ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ І МІКОЛУ СТАТКЕВІЧУ ПРЫСУД НЕ ЗЬМЯНІЛІ

Сёньня Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Паўла Севярынца на прысуд вынесены яму і Міколу Статкевічу судом Цэнтральнага раёну Менску па справе масавых хваляваньняў 18-19 кастрычніка 2004 году і пакінуў правамоцным прысуд, які прадугледжавае па два гады абмежаваньня волі лідэрам беларускае апазыцыі.

Адразу на пачатку разгляду скаргі Павал Севярынец зазначыў, што ня верыць у незалежны беларускі суд, але адводаў ня мае і ўдзельнічае ў судовых разбіральніцтвах каб захаваць дакуманты гэтае справы для будучага незалежнага разьбіральніцтва ў дэмакратычнай Беларусі.

Але пагроза працэсу над дзяржаўнымі чыноўнікамі - фігурантамі гэтае справы, не паўплывала на рашэньне суду, якім кіраваў Валер Камісараў (судзіў дарэчы ў 1999 годзе лідэраў МФ Яўгена Скочку і Вадзіма Кабанчука). Падтрымаўшы хадатайніцтва пракурора Вярэйчыка, судовая калегія Менскага гарадзкога суду пакінула прысуд ніжэйшай інстанцыі бяз зьменаў, а скаргу адваката не задаволіла.

Вось як пракаментаваў гэтае рашэньне Павал Севярынец: “Палітычны заказ рэалізуецца на кожнай прыступцы залежнае судовае лесьвіцы. Я зьбіраюся прайсьці яе ўсю, каб такім чынам яшчэ раз выкрыць яе антычалавечасьці і беззаконьне. Пасьля ўсіх судовых інстанцыяў я намераны шукаць правасудзьдзя ў міжнародных судах і ўпэўнены, што сусьветна-грамадзкі ціск здолее у нейкай ступені абараніць прадстаўнікоў беларускае дэмакратычнае супольнасьці. Бо каб не падтрымка дэмакратычнага руху сусьветнай грамадзкасьцю, то Лукашэнка ўжо б даўно з вялікім задавальненьнем ператварыў Беларусь у адзін вялікі канцлагер.”

Зазначым, што адразу пасьля разгляду скаргі судом першае інстанцыі прысуд прыводзяць у выкананьне. Такім чынам на працягу тыдня - двух раённыя адзьдзяленьні МУС вызначаць месца абмежаваньня волі Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча.

За разьвіцьцём падзеяў па гэтае справе сачыце на нашым сайце.

[28 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
28 ЧЭРВЕНЯ БУДЗЕ РАЗГЛЕДЖАНА КАСАЦЫЙНАЯ СКАРГА СЕВЯРЫНЦА

28 чэрвеня Менскі гарадзкі суд пачне разгляд скаргі Паўла Севярынца, на прысуд вынесены судом Цэнтральнага раёну за "масавыя хваляваньні 18-19 кастрычніка 2004 году".

Нагадаем, што 31 траўня суд Цэнтральнага раёну вынес прысуд у тры гады абмежаваньня волі Севярынцу і Статкевічу па справе за 18-19 кастрычніка 2004 года. Згодна з дзеючаю амністыяй тэрмін зьняволеньня скараціўся да двух гадоў абмежаваньня волі.

Мікола Статкевіч, каторы не прымаў удзел у судовым паседжаньні адмовіўся таксама падаваць скаргу, непрызнаючы суды ні якіх інстанцыяў правамоцнымі і незалежнымі. Павал жа Севярынец, дзеля таго каб задакументаваць судовае разбіральніцтва для гісторыі і будучага незалежнага суду, удзельнічаў у працэсе, а па яго заканчэньні заявіў, што будзе аспрэчваць рашэньне суду ўва ўсіх беларускіх і міжнародных інстанцыях.

І першаю інстанцыяй, што мусіць разглядаць скаргу Паўла, будзе Менскі гарадзкі суд, які 28 чэрвеня а 10 гадзіне распачне сваё паседжаньне. Сам Павал Севярынец кажа, што асабліва не спадзяецца на скасаваньне незаконнага рашэньня, а толькі жадае прайсьці з скаргаю ўсе беларускія суды, каб мець права падаваць скаргі ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Запрашаем усіх, каму неабыякавы гэтыя мужныя людзі падтрымаць іх на пачанку судовага паседжаньня Менскага суду па Дуніна-Марцінкевіча 1, 28 чэрвеня а 10 гадзіне.

[23 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
ХОПІЦЬ ТРАВІЦЬ ЛЮДЗЕЙ

Сябры Рады моладзевых аб’яднаньняў Аршаншчыны ды Аршанскі ПЦ “Вясна” падалі 21 чэрвеня заяўку на правядзеньне пікету ў горадзе Барані.Асноўная мэта пікету прымусіць адміністрацыю УП “Лёс” прыбраць небясьпечныя для здароўя жыхароў Барані хімічныя адходы з тэрыторыі гораду.

Справа ў тым, что ў красавіку гэтага году адміністрацыя заводу захавала на тэрыторыі прадпрыемства, якое знаходзіцца на тэрыторыі горада Барані у непасрэднай блізкасьці да ракі Адроў больш як 20 тонн небясьпечных для жыцьця і здароўя жыхароў горада і экалёгіі рэгіёна хімічных адходаў.

Дзякуючы намаганьням дэмакратычных актывістаў Воршы, да адміністрацыі завода было накіравана прадпісанне вывезьці гэтыя адходы з тэрыторыі горада да 1 ліпеня. Але да сюль ніякіх зрухаў не адбылося.

У сувязі з тым ПЦ “Вясна” і Рада моладзевых аб’яднаньняў Аршаншчыны распачынаюць шэраг акцыяў па прывабліваньні увагі грамадскасьці да гэтай праблемы, з мэтаю хутчэй яе вырашыць. Акрамя пікету Рада абяцае правесьці яшчэ й мітынг 15 ліпеня, у выпадку, калі да пачатку месяца хаця б палова адходаў ня будуць вывезеныя.

Для даведкі: Сёньня Рада аб’ядноўвае амаль усе моладзевыя арганізацыі Аршаншчыны. У склад рабочай групы Рады ўваходзяць 5 чалавек, з іх 3 маладафронтаўцы.

[22 чэрвеня 2005]
Кіраўнік МФ Магілёўшчыны, лідэр Рады моладзевых аб’яднаньняў Воршы Ігар Казьмярчак
У ВІЦЕБСКУ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ Ў ПАДТРЫМКУ СЕВЯРЫНЦА І СТАТКЕВІЧА

Прадстаўнікі віцебскіх палітычных партыяў сабраліся сёньня на Пляцы Волі, каб выказаць сваю нязгоду з прысудам Паўлу Севярынцу ды Міколу Статкевічу. Праз 40 хвілін ад пачатку ўдзельнікі акцыі былі разагнаныя міліцыянтамі і байцамі АМОНу.

На Пляц Волі ў Віцебску выйшлі сёньня каля двух дзесяткаў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. На грудзёх амаль у кожнага зь іх былі прышпіленыя партрэты Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Дарэчы, і сам спадар Севярынец, і ягоная маці спадарыня Тацяна таксама прыйшлі на плошчу, каб сустрэцца зь землякамі. Убачыўшы ўлёткі з выяваю свайго сына, якія з ахвотаю разьбіралі віцебскія мінакі, спадарыня Тацяна сказала наступнае.

( Тацяна Севярынец: ) "Тое, што адбываецца сёньня, гэта не слава майго сына. Гэта - прызнаньне. Прызнаньне таго, што ён абраў правільны шлях, і я вельмі ўдзячная тым людзям, якія да гэтага неабыякавыя".

Неабыякавых жыхароў Віцебску праз 40 хвілін ад пачатку акцыі наведаў нарад міліцыянтаў. Сьледам за першай міліцэйскай машынай зьявіліся яшчэ дзьве, на якіх прыехалі апэратар зь відэакамэрай і некалькі байцоў АМОНу. Некалькі хвілінаў удзельнікам акцыі ўдавалася стрымліваць напор міліцыянтаў, якія загадвалі ўсім разысьціся. Партыйцы пачалі пакідаць Пляц волі толькі тады, калі старшыню віцебскага Маладога Фронту” Яніса Чучмана гвалтам запхнулі ў міліцэйскі легкавік.

Сябра партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава затрымалі ўжо тады, калі ён сышоў з плошчы і рухаўся па вуліцы Леніна. Яго схапілі за рукі і пасадзілі ў машыну таксама гвалтам. Дарэчы, затрымалі яго на тэрыторыі Чыгуначнага раёну, але павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел. Ягоныя аднапартыйцы, заўважыўшы гэтае парушэньне, пачалі тэлефанаваць у пракуратуру Кастрычніцкага раёну. Тым часам у спадара Жаляпава ў пастарунку адабралі мабільны тэлефон, каб ён ня мог паведаміць, што зь ім адбываецца ў пастарунку.

Зьвязацца ўдалося толькі зь Янісам Чучманам, які пасьпеў сказаць літаральна некалькі словаў.

( Чучман: ) "Міліцыянты не сказалі мне, паводле якога артыкулу мяне вінавацяць, не паказалі кодэкс. Яны проста склалі пратакол і прымусілі чакаць".

Звонку, на ганках пастарунка, затрыманых чакалі іхныя аднадумцы.

А палове на дзевятую вечара Яніса Чучмана і Хрыстафора Жаляпава адпусьцілі. Спадару Жаляпаву нарэшце вярнулі тэлефон, і ён распавёў пра тое, што на іх абодвух склалі пратаколы за распаўсюд улётак без выходных дадзеных, зьмест якіх нясе шкоду дзяржаўнаму ладу і грамадзкаму парадку.

Цяпер пратаколы, складзеныя на Яніса Чучмана і Хрыстафора Жаляпава, будзе разглядаць раённая адміністрацыйная камісія.

[22 чэрвеня 2005]
Паводле свабоды
ЭЎРАПЕЙСКАЯ КААЛIЦЫЯ ВЫЗНАЧАЕЦЦА З ПАДТРЫМКАЮ КАНДЫДАТА НА ПРЭЗЫДЭНЦКIЯ ВЫБАРЫ

На чарговым паседжанні Каардынацыйнага Камітэта Эўрапейскай кааліцыі, у якую ўваходзiць Малады Фронт, абмяркоўвалася пытанне аб фармаце удзелу суб’ектаў кааліцыі ў маючых адбыцца прэыдэнцкіх выбарах.

Прынята рашэньне і надалей лічыць кандыдатам у прэзідэнты ад Эўрапейскай кааліцыі Мікалая Статкевіча, старшыню БСДП (НГ), дамагаючыся спыненьня крымінальнага перасьледу супраць яго і поўнага апраўданьня. Разам з тым, сябры Эўрапейскай кааліцыі гатовы прымаць удзел ува ўсіх мерапрыемствах, правадзімых дэмакартычнымі сіламі ў часе падрыхтоўкі да выбараў.

На паседжаньнi Эўрапейскай каалiцыi прысутнiчаў кандыдат у прэзыдэнты Алесь Мiлiнкевiч, з каторым кiраўнiцтва каалiцыi абмеркавала магчымыя накірункі супрацоўніцтва.

У бліжэйшы час адбудуцца сустрэчы з іншымі лідэрамі апазыцыі. Да 1 ліпеня будзе прынята рашэньне аб падтрымцы удзельнікамі Эўрапейскай кааліцыі аднаго з прэтэндэнтаў у часе падрыхтоўкі Кангрэса дэмакратычных сілаў.

[15 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
СВАБОДУ СЕВЯРЫНЦУ І СТАТКЕВІЧУ!

Мы - сябры Маладога Фронту - дэмакратычнага руху Беларусі - зьвяртаемся да вас з нагоды ганебнага прысуду заснавальніку Маладога Фронту Паўлу Севярынцу і Мікалаю Статкевічу, кіраўніку Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі 'Народная Грамада' .

Мы лічым, што дадзены 'суд', які адбыўся адмыслова перад набіраючай моц прэзыдэнцкай кампаніяй 2006 году, меў сваёй мэтай выключна выкідваньне з гэтае кампаніі адных з найбольш актыўных яе ўдзельнікаў, сапраўдных герояў вулічнага змаганьня, каторыя ніколі не баяліся браць на сябе адказнасьць і сталі на чале абуранага народу 18-19 кастрычніка.

Малады Фронт сьцьвярджае, што ані ў якім разе не пакіне гэтае сытуацыі бяз грамадзкага рэзанансу. Мы будзем прыцягваць увагу да беззаконнага пазбаўленьня волі нашых лідэраў і рыхтуемся распачаць цэлы шэраг адмысловых акцыяў ў іхнюю падтрымку. Плянуецца масавая кампанія, што будзе ўключаць самыя розныя шляхі данясеньня йнфармацыі й павялічэньня грамадзкага рэзанансу: значкі з выявамі вязьняў і адпаведнымі слоганамі, шматлікая друкаваная прадукцыя, вулічныя акцыі і, безумоўна, адмысловыя графіці, якія павінныя зьявіцца на дзяржаўных установах ужо ў самым хуткім часе.

Мы не аддадзім нашых сяброў без змаганьня!
Мы ня згодныя мірыцца з чарговым злачынным дзеяньнем антызаконнага рэжыму Лукашэнкі!
Не - палітычнаму тэрору на Беларусі!

З гэтымі словамі Малады Фронт зьвяртаецца да ўсіх неабыякавых і будзе рады атрымаць любога кшталту падтрымку.

[8 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
МОЛАДЗЕВАЯ ГАЛАДОЎКА СПЫНЕНАЯ

Сёньня, на прэс-канфэрэнцыі ў Менсу аргкамітэт па правядзеньні моладзевай галадоўкі абвесьціў пра спыненьне гэтае акцыі.

Па словах кіраўніка аргкамітэту, намесьніка сустаршыні Маладога Фронту Паўла Красоўскага, акцыя была завершаная ў суботу ўвечары, працягнуўшыся агулам адзінаццаць дзён з удзелам пятнаццаці чалавек.

( Красоўскі:) “Грамадзкая галадоўка моладзі ў Жодзіна яскрава прадэманстравала, што ўлада не жадае вырашаць праблемы моладзі. Але адсутнасьць рэакцыі, гэта таксама рэакцыя. Мы паказалі яшчэ раз антынароднасьць і бесчалавечасьць лукашэнкаўскага рэжыму.

Нягледзячы на тое, што ўлады не пажадалі аднавіць незаконна адлічаных навучэнцаў, мы атрымалі вельмі шмат прапановаў на вучобу ад амбасадараў замежных краінаў. Таксама сваю дапамогу прапанаваў кіраўнік Гуманітарнага ліцэю Колас Уладзімер, каторы паабяцаў уладкаваць непаўнагадовых навучэнцаў, каб яны маглі атрымаць сярэднюю адукацыю.”

Адзін з удзельнікаў галадоўкі, непаўнагадовы маладафронтавец Карэнюхін Павал, сказаў, што ён абавязкова скарыстаецца прапановаю спадара Коласа і будзе вучыцца ў ліцэі. Другі непаўнагадовы маладафронтавец Мурашка Сяржук, паведаміў, што ён яшчэ раіцца з бацькамі дзе яму працягваць навучаньне.

Па словах сустаршыні Маладога Фронту Зьміцера Дашкевіча галадоўка была спыненая па рашэньні аргамітэту, бо працягваць яе далей сэнсу не было.

( Дашкевіч:) “Усяму беларускаму грамадзтву і эўрапейскай супольнасьці мы яшчэ раз прадэманстравалі - рэжым Лукашэнкі ня спыніцца ні на якіх рэпрэсіях, каб задушыць усе праявы іншадумства. І таму галадоўку мы спынілі, каб захаваць здароўе і жыцьцё нашых актывістаў для далейшага змаганьня і зберагчы гэтых людзей для будучыні Беларусі.”

Па словах намесьніка сустаршыні Маладога Фронту, Паўла Красоўскага, далей будзе працягвацца юрыдычнае змаганьне за нашых сяброў, але самая галоўная мэта - прыцягненьне грамадзкае ўвагі да рэпрэсіяў у дачыненьні дамоладзі, была выкананая.

[6 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
ЗВАРОТ КІРАЎНІЦТВА МАЛАДОГА ФРОНТУ ДА ГАЛАДОЎШЧЫКАЎ

У сувязі з пагаршэньнем здароўя ўдзельнікаў галадоўкі ў Жодзіна, кіраўніцтва Маладога Фронту перадала ўдзельнікам акцыі зварот з просьбаю спыніць акцыю дзеля захаваньня здароўя і жыцьця для будучыні Беларусі!

ДАРАГІЯ СЯБРЫ!

Мы захапляемся Вашаю воляю, мужнасьцю і трываласьцю, якія Вы паказалі ў змаганьні з жорсткімі рэпрэсіямі. Усё грамадзтва, пачынаючы ад вольналюбівай моладзі і сканчаючы наменклатуршчыкамі, было кранута Вашым адважным і настойлівым крокам, які Вы зрабілі каб адстаяць уласныя гонар і годнасьць. Вы даказалі беларусам, што ня трэба высокай трыбуны, ня трэба аплачваймай увагі і любові, каб сказаць на ўсю краіну, што беларуская моладзь не здаецца; што яна не здаецца ні перад абліччам дыктатуры, ні перад свавольствамі мясцовых бюракратаў, ні перад тупым халдзействам тых, хто прылічвае сябе да ліку “высокіх чыноўнікаў”. Вы паказалі ўсім нам прыклад змаганьня за свае правы.

Малады Фронт заклікае Вас, шчырых памкненьнямі і ўпартых у барацьбе, не рызыкаваць болей уласным здароўем і жыцьцём. Мы зьвяртаемся да Вас з просьбаю спыніць галадоўку, якая ўжо прынесла столькі плёну, каб захаваць і назапасіць моцы для далейшае барацьбы. Такіх герояў, як Вы, - у краіне адзінкі, і нельга дапусьціць, каб багацьце Беларусі, яе будучыня, растраціла здароўе і сілы да вырашальнае бітвы з рэжымам. Заклікаем Вас да спыненьня галадоўкі дзеля будучага змаганьня!

Сяржук Бахун , сустаршыня Маладога Фронту
Павал Красоўскі , намесьнік старшыні Маладога Фронту
Сяржук Лісічонак , намесьнік старшыні Маладога Фронту

[4 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
ПЕРШЫЯ АХВЯРЫ ГАЛАДОЎКІ

Сёньня, на дзесяты дзень галадоўкі, адзін з непаўнагадовых удзельнікаў акцыі - Карэнюхін Павал, згубіў прытомнасьць.

Пасьля інцэдэнту адразу была выкліканая хуткая дапамога. Лекары, каторыя прыбылі на месца галадоўкі, зрабілі некалькі ўколаў Паўлу і прапанавалі гаспіталізаваць яго, настойваючы на спыненьні галадоўкі, але Павал адмовіўся і вырашыў працягваць акцыю.

Але, па рашэньню аргкамітэту правядзеньня галадоўкі, які ўзначальвае Павал Красоўскі , удзел у акцыі Паўлу Карэнюхіну быў забаронены. Таксама было прынята рашэньне пра спыненьне галадоўкі непаўнагадовага Сяржука Мурашкі .

Удзел у акцыі спыніў і кіраўнік МФ у Баранавічах - Сяржук Марчык , у якога абвострылася асма, пры якой лекары увогуле забараняюць праводзіць галадоўку. Яшчэ раней удзел у акцыі спыніў прадстаўнік Зубру з Барысаву Міхась Кандрашоў .

Такім чынам у акцыі ўдзельнічае дзесяць чалавек - кіраўнік Маладой Грамады ў Жодзіна Зьміцер Чарткоў, актывіст дэмакратычнага руху Вінаградаў Алесь, сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, намесьнік сустаршыні МФ Валера Мацкевіч, актывісты МФ Артур Фінькевіч, Кірыл Шымановіч, Ваўкавец Яўген, Ігар Шчэкарэвіч і непаўнагадовыя Настасься Палажанка і Антаніна Вежнявец .

Сёньня ж праходзіла паседжаньне Адміністратыўнай камісіі жодзінскага Гарвыканкаму, якая згадзілася з рашэньнем кіраўніцтва Жодзінскага палітэхнікуму, аб адлічэньні Сяржука Мурашкі . Такім чынам жодзінскія ўлады заблякавалі адно з самых галоўных патрабаваньняў галадоўшчыкаў.

Наступным крокам Сяржук і ягоныя бацькі зьбіраюцца падаваць заявы ў суд на гэтыя рашэньні. Таксама разглядам гэтае справы яшчэ займаецца пракуратура.

[3 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
ДА МОЛАДЗЕВАЙ ГАЛАДОЎКІ ДАЛУЧЫЛАСЯ ЯШЧЭ ТРЫ АКТЫВІСТЫ

Сёньня праходзіць дзесяты дзень галадоўкі моладзі, якую распачалі 25 траўня чатыры актывісты ў Жодзіна. 28 траўня да галадоўкі далучылася два прадстаўнікі, а 29 яшчэ пяць моладзевых актывістаў.

1 чэрвеня, у дзень абароны дзяцей, прадстаўнікі Маладога Фронту, інтэлегенцыі, дэмакратычнага руху перадалі зварот у міністэрства адукацыі з патрабаваньнямі аднавіць незаконна адлічаных навучэнцаў і спыніць дзяржаўны тэрор у дачыненьні да моладзі. У міністэрстве паабяцалі, што сёньня ж высьвятляць гэтую праблему, у прыватнасьці правядуць дасьледваньне па незаконным адлічэньні Сяржука Мурашкі. Але да гэтага моманту няма ніякай рэакцыі з боку кіраўніцтва каледжу.

Туму, улічваючы абыякавась дзяржаўных установаў улады, на дзевяты дзень галадоўкі моладзі, да гэтае акцыі далучылася яшчэ тры прадстаўнікі Маладога Фронту. Гэта - Кірыл Шымановіч , каторага адлічылі з юрыдычнага каледжу пасьля акцыі 26 красавіка, а таксама непаўнагадовыя Настасься Палажанка і Антаніна Вежнявец .

Па словах Кірыла Шымановіча , ён сёньня зьбіраецца паехаць у Жодзіна і там працягваць галадоўку. Настасься Палажанка і Антаніна Вежнявец далучыліся да акцыі ў мэтах салідарнасьць і будуць працягваць яе ў Менску.

У панядзелак, каб яшчэ раз зьвярнуць увагу ўладаў на патрабаваньні галадоўшчыкаў, Малады Фронт плянуе правесьці шырокамаштабную акцыю ў падтрымку пратэстуючай моладзі.

[3 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
УКРАІНЦЫ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОЛАДЗЬ

1 чэрвеня, у дзень абароны дзяцей, каля беларускай амбасады ў Кіеве сябры моладзевай арганізацыі “Нацыянальны Альянс”, вядомай сваім удзелам у апошнім “Чарнобыльскім шляху” ў Менску, арганізавалі акцыю салідарнасьці з адлічанымі паводле палітычных матываў беларускімі студэнтамі. Акцыя мела назоў “Дайце ім вучыцца!”

Больш за 20 маладых людзей разыгралі сцэну, якая кожны дзень мае месца ў Беларусі - сярод вялікай колькасьці запужаных, пасыўных, заўсёды знаходзіцца некалькі маладых людзей, якія не баяцца выказаць сваю пазыцыю, за што знаходзяцца пад пастаянным наглядам сьпэцслужбаў. Акцыя “Маладога Фронту” і “Нацыянальнага Альянсу” закончылася аптымістычна і паказальна -Лукашэнка і яго паплечнікам не удалося прыдушыць апазыцыянэраў, а сам апошні дыктатар Эўропы быў пасаджаны ў мяшок і зьнесены у невядомым накірунку.

Паводле спадара Гузя, такія ж акцыі адбыліся яшчэ ў 10 абласных цэнтрах Украіны. Але амбасада Беларусі ёсьць толькі ў Кіеве - як адрэагавала яна?

(Гузь: ) “Учора нам тэлефанавалі з амбасады Беларусі, а менавіта спадар консул, і распытвалі, ці ня будзем мы рабіць нейкіх радыкальных дзеяньняў. Мы яго запэўнілі, што ніякіх радыкальных дзеяньняў ня будзе. Але й далей пратэсты будуць абавязкова. Мы трымаем кантакт з “Маладым Фронтам” Беларусі й найбліжэйшым часам, пасьля стварэньня беларуска-ўкраінскага цэнтру супрацоўніцтва моладзі, у нас будуць маштабныя акцыі. У прыватнасьці, зараз мы вядзем перамовы з прыбалтамі, малдаванамі, палякамі й расейцамі для стварэньня таго, пра што мы заявілі, - Балта-чарнамарскога вэктару супрацоўніцтва моладзевых правацэнтрысцкіх арганізацыяў. Таму гэтая праца будзе скаардынаваная”.

Акрамя прыцягненьня увагі грамадзкасьці ва Ўкраіне і за мяжой да праблемы са свабодай слова і думкі ў Беларусі, ”Нацыянальны Альянс” распачаў працу ў накірунку уладкаваньня беларускіх апазіцыянераў,якія былі адлічаны з вучобы за свае перакананьні ва ўкраінскія ВНУ. ”Нацыянальны Альянс” ужо зьвярнуўся да шэрагу кіраўнікоў абласных адміністрацыяў і рэктараў украінскіх ВНУ з адпаведнымі просьбамі. Раней гэту ініцыятыву падтрымаў міністр замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк.

[2 чэрвеня 2005]
Прадстаўнік Маладога Фронту ва Ўкраіне Ігар Шчэкарэвіч
ПРАДСТАЎНІКІ МАЛАДОГА ФРОНТУ, БНФ, АГП, РАДЫ ІНТЭЛЕГЕНЦЫІ ПЕРАДАЛІ ЗВАРОТ ДА МІНІСТРА АДУКАЦЫІ

Сёньня а 15 гадзіне адбылося пікетаваньне міністэрства адукацыі. Каля дзесяці маладафронтаўцаў стаялі з прымацаванымі да грудзёў плякатамі "Дзеці жадаюць вучыцца" і чыталі беларускія кнігі. На дзіва спакоўна паводзілі сябе міліцыянты, якія былі выкліканыя аховаю міністэрства, запытаўшы сэнс акцыі яны пачалі тэлефанаваць начальству за ўказаньнямі, а потым увогуле з'ехалі. Напэўна згадзіліся - "Дзеці павінны вучыцца".

На акцыі прысутнічалі Колас Уладзімер, Лябедзька Анатоль, Вячорка Вінцук, Баршчэўскі Лявон, Законьнікаў Сяржук, Карніенка Віктар, Дынько Андрэй, каторыя выказалі словы падтрымкі мужнай моладзі і разам з маладафронтаўцамі панесьлі зварот да міністра адукацыі Радзькова.

Замест міністра прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху сустрэў ягоны намесьнік спадар Малахаў. Пад час гутаркі з намесьнікам міністра былі закранутыя праблемы навучаньня моладзі, якая з-за палітычных поглядаў, падвяргаецца рэпрэсіям з боку ўладаў.

Старшыня ПБНФ Вінцук Вячорка зазначыў, што з-за ціску на моладзь па палітычных матывах адбываецца неардынарная падзея - галадуюць дзеці. І калі бліжэйшым часам міністэрства адукацыі ня прыме меры, то здароўе моладзі можа яшчэ больш пагоршыцца.

Рэдактар Нашай Нівы, Андрэй Дынько, таксама падкрэсьліў неабходнасьць найхутчэйшае рэакцыі з боку міністэрства. Па словах спадара Дынько да гэтае справы трэба падыходзьць у першую чаргу з чалавечага пункту гледжаньня і калі будзе вырашанае пытаньне па незаконнаму адлічэньню Мурашкі Сержука, то гэтая акцыя будзе скончана.

Намесьнік міністра падзякаваў за тлумачэньні і паабяцаў, што сёньня ж звяжацца з кіраўніцтвам коледжа, дзе навучаўся Мурашка, для вырашэньня гэтае праблемы.

ЗАЯВА

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, беручы пад увагу артыкул 4 Канстытуцыі РБ, дзе замацавана, што: "Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгіяў і поглядаў.", абураныя становішчам у навучальных установах Беларусі моладзі, якая перасьледуецца за свае палітычныя і грамадзкія погляды.

Так апошнім часам па краіне пракацілася хваля рэпрэсіяў у дачыненьні да моладзі. З навучальных установаў былі адлічаныя дзесяткі навучэнцаў, а сотні падвергнуты маральнаму ціску па месцы вучобы з боку беларускіх спэцслужбаў і супрацоўнікаў ідэалёгіі.

Даведзеная да адчаю моладзь 25 траўня распачала бестэрміновую галадоўку пад назваю "Дзеці жадаюць вучыцца!", з патрабаваньнямі аднавіць незаконна адлічаных навучэнцаў - Мурашку Сяржука, Красоўскага Паўла, Карэнюхіна Паўла, Шымановіча Кірыла, Зарэмбюка Алеся, Шчэкарэвіча Ігар, Буйніцкага Дзяніса, Смольскага Алеся, Класкоўскаю Вольгу і іншых.

Мы, ніжэйпадпісаныя, падтрымліваем гэтыя патрабаваньні і заклікаем беларускія ўстановы ўлады спыніць дзяржаўны тэрор у дачыненьні да моладзі.

Арлоў Уладзімер - пісьменьнік, гісторык
Барадулін Рыгор - Народны паэт Беларусі
Баршчэўскі Лявон - кіраўнік пэн-цэнтру
Бураўкін Генадзь - Народны паэт Беларусі, прафэсар
Вольскі Лявон - лідэр гурта NRM, "Крамбамбулі"
Вайтовіч Алесь - экс-прэзыдэнт Акадэміі Навук
Вячорка Вінцук - лідэр дэмакратычных сілаў
Гарэцкі Радзім - акадэмик, экс-вицэ-прэзыдэнт Акадэміі Навук
Грыцкевіч Анатоль - прафэсар, доктар гістарычных навук
Гілевіч Ніл - Народны паэт Беларусі, прафэсар
Грушавы Генадзь - прафэсар
Гразнова Людміла - праваабаронца
Дынько Андрэй - рэтактар газэты "Наша Ніва"
Законьнікаў Сяргей - Народны паэт Беларусі
Калінкіна Сьвятлана - журналіст
Карніенка Віктар - лідэр дэмакратычных сілаў
Колас Уладзімер - прафэсар, лідэр дэмакратычных сілаў
Ліцьвіна Жана - журналіст
Лябедзька Анатоль - лідэр дэмакратычных сілаў
Матусевіч Валянціна - лідэр дэмакратычных сілаў
Мілінкевіч Алесь - кандыдат навук. лідэр дэмакратычных сілаў
Навасяд Уладзімер - лідэр дэмакратычных сілаў
Пашкевіч Алесь - кіраўнік саюзу пісьменьнікаў
Саверчанка Іван - доктар навук
Севярынец Павал - лідэр дэмакратычных сілаў
Статкевіч Мікола - лідэр дэмакратычных сілаў
Хашчавацкі Юрый - рэжысэр
Шчукін Валер - праваабаронца
Шушкевіч Станіслаў - лідэр дэмакратычных сілаў, прафэсар

[1 чэрвеня 2005]
Прэс-служба Маладога Фронту
НАВІНЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ

БУДЗЬМА РАЗАМ З НАМІ!

Малады Фронт запрашае ўсіх каму не абыякавы лёс Беларусі далучацца! Адбудуем разам - дэмакратычную, незалежную бацькаўшчыну!

тэл.: 8 029 755 69 90, e-mail: mfront@tut.by